У якім выпадку Кіеў будзе лічыць, што мае права нанесці ўдар па беларускіх НПЗ? Украінскі эксперт назваў галоўную ўмову «Пагроза ад эканамічнай падтрымкі расійскіх войскаў можа быць большай, чым рызыкі, звязаныя з ударамі па гэтых аб'ектах», — сказаў «Нашай Ніве» прадстаўнік Міжнароднага цэнтра супрацьдзеяння расійскай агрэсіі Дзмітрый Грамакоў. Паводле яго слоў, Кіеў ужо мае магчымасць нанесці такія ўдары, але рашэнне пра гэта будзе залежаць ад шэрагу фактараў.
За апошнія два гады Украіна неаднаразова наносіла ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, тлумачачы гэта тым, што яны з'яўляюцца часткай ваеннай лагістыкі і забяспечваюць палівам расійскую армію. У Кіеве не раз падкрэслівалі: калі цывільны аб'ект пачынае працаваць на патрэбы агрэсіі, ён робіцца законнай цэллю.
На гэтым фоне апошнім часам узнікае тэма пра беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы — Мазырскі НПЗ і «Нафтан». Цесны вайсковы саюз паміж Мінскам і Масквой і апошнія заявы Кіева пра выкарыстанне беларускай тэрыторыі для падтрымкі расійскіх атак выклікаюць пытанне, ці могуць гэтыя прадпрыемствы разглядацца Кіевам як ваенныя цэлі.
Эксперт кіеўскага Міжнароднага цэнтра супрацьдзеяння расійскай агрэсіі Дзмітрый Грамакоў у размове з «Нашай Нівай» сцвярджае: з пункту гледжання Украіны такая магчымасць існуе ўжо цяпер. Але, паводле яго, ёсць адна прынцыповая ўмова.
«Як толькі першы літр паліва будзе заліты ў расійскі танк»
«Калі прадукцыя беларускіх НПЗ выкарыстоўваецца для запраўкі расійскай вайсковай тэхнікі, якая ўдзельнічае ў агрэсіі супраць Украіны, гэтыя аб'екты становяцца легітымнымі ваеннымі цэлямі», — лічыць Грамакоў.
«Калі будуць заключаныя кантракты непасрэдна з Міністэрствам абароны Расіі, будзе відавочна, што гэта паліва закупляецца не для мірных патрэб», — кажа Дзмітрый Грамакоў.